МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,

адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.

Т.У.Адула.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)